Якасць i патэнцыял пiтной вады

Дэфiцыт чыстай пiтной вады — праблема, актуальная для многiх краiн свету. Змена клiмату, нерацыянальнае выкарыстанне прыродных багаццяў i iншыя дзеяннi чалавека ўсё часцей прыводзяць да змяншэння запасаў гэтага стратэгiчна важнага рэсурсу.

Цi iснуе такая пагроза ў нас? Якiя праблемы сёння найбольш актуальныя для нашай краiны ў плане даступнасцi i якасцi крынiц чыстай пiтной вады?

Падземныя скарбнiцы

Паводле даследаванняў ПРААН, Беларусь адносiцца да катэгорыi краiн са 100% доступам да бяспечнай пiтной вады.

Водаправод сёння — асноўны шлях паступлення вады да карыстальнiкаў. Жыхары амаль усiх населеных пунктаў краiны п’юць ваду з падземных крынiц. Выключэнне складае толькi сталiца — прыкладна 1/3 частка ад агульнага аб’ёму вады ў Мiнску адбiраецца з паверхневай крынiцы (Вiлейска-Мiнскай воднай сiстэмы) i выкарыстоўваецца ў Фрунзенскiм, Маскоўскiм i часткова Кастрычнiцкiм раёнах горада.

— Але гэта не значыць, што вада, якая там цячэ з водаправодных кранаў, брудная, — адзначае загадчыца лабараторыi пiтнога водазабеспячэння i санiтарнай аховы вадаёмаў навукова-практычнага цэнтра гiгiены Алена Драздова. — Каб трапiць да спажыўцоў, любая пiтная вада павiнна адпавядаць патрабаванням санiтарных нормаў i правiлаў, зацверджаных Мiнiстэрствам аховы здароўя. Вада з паверхневых крынiц проста праходзiць больш глыбокую ачыстку, чым падземная.

Акрамя выдалення хiмiчных забруджванняў, яна абеззаражваецца для знiшчэння патагенных i ўмоўна патагенных мiкраарганiзмаў праз хлараванне. Астаткавая колькасць хлору ў пiтной вадзе таксама рэгламентуецца — норма яго знаходжання ў спажыўца не павiнна перавышаць 0,3-0,5 мг/дм3. Нягледзячы на пах i прысмак хлору ў такой вадзе, пiць яе бяспечна. Об исследовании и сертификации материалов, реагентов, оборудования, используемых для водоочистки и водоподготовки можно узнать, пройдя по ссылке.

Па словах Алены Драздовай, астаткавая колькасць хлору — гэта гарантыя таго, што на шляху да спажыўца (прайшоўшы 6-7 км па трубах) вада не забрудзiцца паўторна.

Жалезная праблема

Павышаная колькасць жалеза i iншых кампанентаў прыроднага паходжання (марганцу, бору, фтору) — адна з асноўных праблем пiтной вады ў нашай краiне. Па звестках НЦП гiгiены, у палове свiдравiн рэспублiкi, якiя выкарыстоўваюцца ў якасцi крынiцы пiтной вады, перавышаны паказчык наяўнасцi жалеза.

У Беларусi гэты нарматыў вызначаны па арганалептычнай прыкмеце шкоднасцi (смак, колер, узровень мутнасцi, пах) i складае 0,3 мг/л, пры тым што Сусветная арганiзацыя аховы здароўя дазваляе пiць ваду з канцэнтрацыяй жалеза да 2 мг/л. Такая вада не прычыняе шкоды здароўю чалавека, але мае рудаватую афарбоўку.

Праблема «жалезнай» вады вырашаецца дастаткова паспяхова. Дзякуючы рэалiзацыi дзяржаўнай праграмы «Чыстая вада», у раённых цэнтрах, аграградках i iншых населеных пунктах будуюцца станцыi абезжалезвання вады — сёння iх налiчваецца 384.

Адкуль у калодзежы нiтраты?

Сёння нецэнтралiзаванымi крынiцамi водазабеспячэння карыстаюцца 1,4 млн чалавек, асноўную частку якiх (1,1 млн) складае сельскае насельнiцтва. Паводле даных 2014 года, на ўлiку органаў дзяржсаннагляду знаходзiлася 33,4 тыс. такiх крынiц, каля 11% з iх не адпавядалi санiтарным патрабаванням.

Нiтраты — асноўныя забруджвальнiкi неглыбокiх ваданосных гарызонтаў (калодзежаў, грунтовых вод, а таксама лясных крынiц). Гэтыя злучэннi з’яўляюцца прадуктамi раскладання адходаў жыццядзейнасцi чалавека, а таксама ўваходзяць у склад мiнеральных угнаенняў. Павышаная колькасць забруджвальных рэчываў рэгiструецца на глыбiнi да 14-16 м.

Па словах начальнiка ўпраўлення рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра i водныя рэсурсы Мiнпрыроды Сяргея Заўялава, забруджванне вады калодзежаў перш за ўсё звязана з няправiльным унясеннем арганiчных i мiнеральных угнаенняў на палi (як iндывiдуальных гаспадарак, так i сельгасарганiзацый), а таксама з адсутнасцю неабходнага добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыi, блiзкае размяшчэнне хлявоў для жывёл, аб’ектаў жывёлагадоўлi i iнш.

Як расказала Алена Драздова, нiтраты перш за ўсё небяспечныя для малых дзяцей. Шкодныя рэчывы ў вадзе могуць стаць прычынай развiцця метгемаглабiнемii — хваробы, падчас якой кроў страчвае здольнасць пераносiць кiсларод. У дзiцяцi i дарослага чалавека нiтраты «дапамагаюць» знiзiць iмунiтэт, павысiць успрымальнасць да прастудных захворванняў i нават парушыць дзейнасць крывятворнай сiстэмы.

Каб засцерагчы сябе ад шкоднага ўздзеяння, уладальнiкам iндывiдуальных калодзежаў i свiдравiн неабходна звяртацца ў органы санэпiдэмнагляду для праверкi якасцi вады.

Як з чыстай не зрабiць… пустую?

Нягледзячы на тое, што метады ачысткi вады ў нашай краiне паступова ўдасканальваюцца, грамадзяне таксама iмкнуцца зрабiць сваю пiтную ваду чыстай i карыснай. Якiм жа метадам аддаць перавагу?

Па словах Алены Драздовай, кiпячэнне эфектыўнае для знiшчэння мiкраарганiзмаў. Таму ваду з калодзежаў i свiдравiн рэкамендуецца заўсёды кiпяцiць, асаблiва калi ў сям’i ёсць малыя дзецi. Праз адстойванне вады можна пазбавiцца ад лiшняга хлору ў вадзе.

Але найбольш эфектыўным метадам ачысткi сёння лiчыцца фiльтрацыя. Самае галоўнае тут — вызначыць, якiя канкрэтныя недахопы ў вадзе патрэбна лiквiдаваць: пазбавiцца ад паху i смаку хлору, зрабiць ваду больш мяккай, выдалiць узважаныя часцiцы цi iнш. Ад гэтага i залежыць выбар правiльнага фiльтра.

— Сёння няма неабходнасцi ўстанаўлiваць фiльтры з глыбокай ступенню ачысткi, калi яны не праводзяць мiнералiзацыю вады, — упэўнена супрацоўнiк НПЦ гiгiены. — Вада пасля такой ачысткi застаецца без карысных мiкраэлементаў, ператвараючыся ў «мёртвую» дыстыляваную ваду, якая не пашкодзiць, але i карысцi не прынясе. А барацьба з яе жорсткасцю можа прывесцi да таго, што «пустая» вада пачне вымываць солi з арганiзма.

З бутэлькi — пiць цi не пiць?

Калi вас не задавальняе якасць вады, можна таксама выкарыстоўваць бутыляваную ваду, як пiтную, так i мiнеральную (лячэбна-сталовую i лячэбную). Першую можна выкарыстоўваць без абмежаванняў. Лячэбна-сталовая стане добрым памочнiкам для тых, хто хоча палепшыць сваё страваванне. Лячэбная вада прызначаецца толькi ўрачом. Лячэбна-сталовую i лячэбную ваду нельга выкарыстоўваць для спатолення смагi.

Пiтная бутыляваная вада таксама мае свае вiды. Больш карысная i менш апрацаваная вада павiнна мець у сваёй назве тэрмiн «прыродная».

Забруджваеш — плацi штраф

Парушэнне заканадаўства аб ахове i выкарыстоўваннi вод можа пацягнуць як адмiнiстрацыйную, грамадзянска-прававую, так i крымiнальную адказнасць.

За забруджванне цi засмечванне паверхневых цi падземных вод фiзiчная асоба можа атрымаць штраф у памеры ад 4 да 20 б.в., iндывiдуальныя прадпрымальнiкi — да 100 б.в., юрыдычныя асобы — да 500 б.в.

За паўторнае парушэнне на працягу года Крымiнальным кодэксам прадугледжаны грамадскiя работы, штраф або папраўчыя работы тэрмiнам да двух гадоў цi арышт.

За самавольнае будаўнiцтва каналаў, накапляльнiкаў прыродных i сцёкавых вод, бурэнне свiдравiн на ваду таксама прадугледжаны штрафы ў памерах ад 10 да 30 б.в. на фiзiчную асобу, ад 10 да 100 б.в. на iндывiдуальнага прадпрымальнiка i да 300 б.в. — на юрыдычную асобу.

Па iнфармацыi Мiнпрыроды, зараз у Мiнску рэалiзуецца праект пераводу на водазабеспячэнне з падземных крынiц, работы павiнны завяршыцца ў 2022 годзе.

У Расiйскай Федэрацыi да 70% пiтной вады бярэцца з паверхневых крынiц, ва Украiне — да 80%. У многiх краiнах Еўропы таксама выкарыстоўваюцца пераважна паверхневыя крынiцы.

Спецыялiсты сцвярджаюць, што водныя рэсурсы ў нашай краiне дастатковыя для задавальнення сучасных i перспектыўных запатрабаванняў. Па iнфармацыi НПЦ па геалогii, Беларусь выкарыстоўвае толькi 20% ад выяўленых запасаў.

Новости

С подробностями об участии в Конкурсе можно ознакомиться здесь